Аннотация

Павел Кавалёў Гордасць Прыехаў я настаўнiкам у пачатковую школу адразу ж пасля заканчэння кароткатэрмiновых педагагiчных курсаў. Вёска, дзе была гэтая школа, спадабалася мне - невялiкая, з адной вулiцай, i ўся нiбы замаскiраваная ў зелянiне. Высокiя лiпы нахiлялi сваё раскошнае голле над сялянскiмi хатамi, стройныя шыракалiстыя клёны заўзята цягнулiся да сонца, рабiна ля школы звесiла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкi, а яблынi на многiх прысядзiбных участках вабiлi сваiм жоўта-васковым адлiвам антонавак. А вакол вiднелiся лясы. Здавалася, што палеткаў тут няма. Па той бок Iпуцi, за густымi радамi алешын, пачыналiся залiўныя лугi, але i яны ўпiралiся ў сцяну велiчнага, маўклiвага, быццам заснуўшага лесу. Палеткi калгаса "Рассвет" былi сярод лясоў. Палянкi цягнулiся на кiламетр - два, а потым зноў лес. I так усюды. Зачаравана глядзеў я маладымi вачыма на прыгожы куток Магiлеўшчыны, дзе мне давялося пачынаць сваю настаўнiцкую працу. Школа змяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце-пяцiсценцы. У першай палавiне жыў гаспадар Сцяпан Яўменчык са сваёй жонкай, а ў другой стаяла штук дзесяць парт, класная дошка i шафа з усёй школьнай маёмасцю. Шафу мы крыху адсунулi ад сцяны, i за ёю ўтварыўся невялiчкi куточак. Гаспадыня завесiла яго паласатай посцiлкай i паставiла там мой ложак.

Отзывы

Гордасць (на белорусском языке)

Популярные книги