Аннотация

1 Што можна сказаць пра дзяўчыну, якая памерла ў дваццаць пяць гадоў? Што яна была прыгожая. І разумная. Што яна любіла Моцарта і Баха. І «Бітлз». І мяне. Аднаго разу, калі яна знарок зваліла мяне ў адну груду з усімі гэтымі музыкамі, я спытаўся, які ж у гэтай грудзе парадак, і яна адказала, усміхнуўшыся: «Альфабэтны». Тады я таксама ўсміхнуўся. А цяпер сяджу і гадаю, як я значыўся ў яе спісе: калі па імені, дык ішоў следам за Моцартам, а калі па прозвішчы, дык укліньваўся паміж Бахам і «Бітлз». У любым выпадку першым не апынуўся б. Дурнота, мабыць, але гэта не дае мне спакою — я ж вырас з думкаю, што заўсёды мушу быць першы. Гэта сямейнае, разумееце? На апошнім курсе, з самае восені, я зачасціў у бібліятэку Рэдкліфскага каледжа. І не толькі дзеля таго, каб пазыркаць на дзяўчат, хоць, прызнаюся, быў да гэтага аматар. Проста месца гэтае было ціхае, ніхто мяне там не ведаў, і попыт на кнігі ў іх быў меншы. Да чарговага іспыту па гісторыі заставаўся адзін толькі дзень, а я яшчэ не зазіраў нават у першую кнігу прапанаванага спіса — звычайная гарвардская хвароба. Я падышоў да бібліятэчнай стойкі, каб атрымаць фаліянт, які павінен быў выручыць мяне назаўтра ўранку. Абслугоўвалі дзве дзяўчыны. Адна высокая, з фігураю тэнісісткі, другая — мышка ў акулярах. Я выбраў Крахатулю-Чатыры Вочкі.

Отзывы

Гісторыя кахання

Популярные книги